ДРУГІ́ АФІ́НСКІ МАРСКІ́ САЮ́З,

саюз стараж.-грэч. гарадоў, размешчаных пераважна на астравах і берагах Эгейскага м., на чале з Афінамі. Пасля распаду ў выніку Пелапанескай вайны 1-га Афінскага марскога саюза (гл. Дэлоскі саюз) прыкладна з 395 да н.э. рабіліся спробы па яго ажыўленні. Адноўлены ў 378—377 да н.э. пасля вызвалення ад спартанскага панавання. Чл. саюза (каля 75) мелі поўную аўтаномію. Гарады, размешчаныя ў М.​Азіі, не ўключаліся ў склад саюза. Са стратай Спартай пануючага становішча ў Пелапанескім саюзе, супраць якога ў першую чаргу і была накіравана дзейнасць Д.а.м.с., з яго сталі выходзіць многія члены. Пасля завяршэння міжсаюзнай вайны 357—355 да н.э. саюз да 337 да н.э. захоўваў нязначны паліт. ўплыў.

З.​І.​Малейка.

т. 6, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)